| 16 кастрычніка спаўняецца чатыры гады, як у Беларусі праходзяць акцыі салідарнасці з сем’ямі выкрадзеных і рэпрэсаваных актывістаў апазіцыі. І сёння ў 18.00 беларусы прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менска. |
гэтыя гады ў нашай краіне і ў шматлікіх краінах свету людзі выходзяць
на плошчы сваіх гарадоў і заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі
супраць апазіцыі і пачаць у краіне палітычныя рэформы.
«Салідарнасць – гэта пачуццё, якое можа дазволіць чалавеку заставацца
сабой нават у самых нечалавечых умовах. Салідарнасць ратуе людзей,
ратуе іх гонар і асабістую годнасць. Прыход на акцыю салідарнасці –
гэта прамая дапамога ўсім тым, хто сёння церпіць палітычны тэрор, і
падтрымка сваякоў тых, хто аддаў сваё жыццё ў барацьбе за будучыню
нашай краіны. Ніводзін з нас не можа пачувацца свабодным, пакуль хоць
адзін палітвязень знаходзіцца ў турме», — заявіў напярэдадні ў
інтэрв’ю сайту www.charter97.org актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусі» Максім Вінярскі. Нагадаем, што ўчора апазіцыянера арыштавалі на двое сутак за распаўсюд улётак з інфармацыяй пра палітвязняў.
«Ва ўмовах супрацьстаяння любой недэмакратычнай сістэме салідарнасць –
гэта найважнейшы складнік, які дапамагае актывістам дэмакратычнага руху
дамагацца свабоды, справядлівасці і незалежнасці для сваёй краіны. Калі
людзі салідарныя – абрынецца любая дыктатура. Людзям, якія былі ў
турмах, зведалі рэпрэсіі, заўсёды важна, што іх памятаюць, што
праходзяць акцыі ў іх падтрымку. Мне ў турме гэта надавала сілы,
упэўненасць у тым, што ты не дарма праходзіш праз усе гэтыя
выпрабаванні і трэба працягваць сваю справу», — заявіў былы
палітвязень, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.
«Надзвычай важна, што ўсе чатыры гады «хваля» гэтых акцыяў не
суціхае. Людзі, якія выходзяць на акцыі салідарнасці, выклікаюць у мяне
пачуццё глыбокай пашаны. Без гэтага вырашаць праблемы палітвязняў,
знікненняў, палітрэпрэсіяў было б значна больш складана. Беларусы, якія
ўдзельнічаюць у акцыях салідарнасці ў нашых умовах, паказваюць прыклад
асабістай мужнасці», — упэўнены вядомая праваабаронца, старшыня
праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі
правоў чалавека Алесь Бяляцкі.
«Я
хачу выказаць падзяку ўсім за падтрымку і аказаную салідарнасць у тыя
дні, калі я знаходзіўся ў турме. Пра мяне пісалі, памяталі пра маю
сям’ю. Пасля таго, як я апынуўся на волі, атрымаў заснаваную Хартыяй’97
Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека. Праз гады, якія
прайшлі, магу сказаць, што гэта адзіная ўзнагарода, якой я шчыра
ганаруся.
Акцыі салідарнасці – гэта каласальная падтрымка палітвязню і яго
сваякам. Нічога, акрамя словаў падзякі, не магу сказаць тым людзям,
якія выходзілі на вуліцы і выказвалі сваю падтрымку палітвязням. Бо
зусім нясоладка знаходзіцца ў турме, асабліва, калі ведаеш, што ты
арыштаваны за свае палітычныя погляды.
Такія
акцыі патрэбныя, пакуль у краіне існуе несправядлівасць. Неабходна
паказваць сённяшнім уладам, што мы памятаем пра зніклых без вестак
Ганчара, Красоўскага, Завадскага, што мы гатовыя біцца за кожнага
палітвязня. Такога больш ніколі не павінна паўтарыцца», – заявіў былы
палітвязень і дэпутат «палаты прадстаўнікоў» трэцяга склікання Сяргей Скрабец.
Нагадаем,
што сёння ў Беларусі па-ранейшаму ёсць вязні сумлення. Гэта арыштаваныя
ў лютым гэтага года ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі.
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч і раней пераследваўся за сваю актыўную
барацьбу за правы прадпрымальнікаў. На думку праваабаронцаў, сёння яго
бяздоказна абвінавачваюць у здзяйсненні цяжкіх злачынстваў і збіраюцца
судзіць на закрытым працэсе. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту
Аўтуховіч галадаў у турме больш за 90 дзён, моцна падарваўшы здароўе.
Актывіст
«Маладога фронту» Арцём Дубскі ў ліпені быў прысуджаны да года
пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў
адбыцця пакарання па знакамітай «справе 14-ці» – тады 14 моладзевых
актывістаў былі прысуджаныя да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел
у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.
У Беларусі па-ранейшаму не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999-2000 гадах лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У выкраданні гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.
Напярэдадні чацвёртай гадавіны правядзення ў Беларусі Дзён салідарнасці лідэры апазіцыі заклікалі беларусаў выйсці 16 кастрычніка ў 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска.
«Адзінае,
чаго па-ранейшаму баіцца дыктатура, – гэта нашая салідарнасць. Толькі
яе дэманстрацыя праз вулічныя акцыі можа прымусіць улады спыніць
рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў, як гэта ўжо было раней», — кажацца ў
заяве, якую падпісалі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская
Беларусь» Яўген Афнагель, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, старшыня «Моладзі БНФ» Андрэй Крэчка і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Ініцыятарамі
Дзён беларускай салідарнасці чатыры гады таму сталі лідэр ініцыятывы
«Мы памятаем», удава зніклага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага
дзеяча Ірына Красоўская, вядомая журналістка Ірына Халіп і моладзевы лідэр Мікіта Сасім.
Ідэя праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня
2005 года, ва ўгодкі знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13
склікання Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля
Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зніклых і адабрала ў яе
ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў і нацыянальныя сцягі. У той
дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім узняў над галавой сваю джынсавую
кашулю як знак супраціву дыктатуры.