| У сувязі з праходжаннем над тэрыторыяй Беларусі воблака вулканічнага пылу, медыкі рэкамендуюць не знаходзіцца на вуліцы падчас дажджу. |
«Частка вулканічнага пылу будзе з ападкамі выпадаць
на зямлю, таму мы рэкамендуем у найбліжэйшыя суткі абмежаваць
знаходжанне на адкрытым паветры падчас дажджу і не выкарыстоўваць
дажджавую ваду ў гаспадарчых мэтах», – паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у панядзелак у
міністэрстве аховы здароўя Беларусі.
«Па дадзеных Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага
кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, вулканічнае воблака
праходзіць над Беларуссю прыкладна на адлегласці 6 км ад зямлі», –
удакладнілі ў міністэрстве.
«Існуюць групы людзей з падвышанай адчувальнасцю,
чыё здароўе саслабленае спадарожнымі захворваннямі. Гэтыя людзі могуць
адчуваць недамаганне, звязанае з уздзеяннем атмасферных забруджвальнікаў
пры іх канцэнтрацыі», – патлумачылі медыкі.
Як раней паведамляла агенцтва са спасылкай на
Інстытут фізікі НАН Беларусі, у найбліжэйшы аўторак воблака вулканічнага
пылу над Беларуссю павялічыцца.