Сваякі палітвязняў ўпэўненыя, што «чорныя спісы» ЕЗ трэба пашыраць.
11 кастрычніка апублікаваныя прозвішчы 16
беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і чые
рахункі і актывы павінныя быць замарожаныя. Адпаведнае рашэнне прыняла
10 кастрычніка Рада міністраў замежных справаў Еўразвяза.
Сярод 16, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвяза, – міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян, 10 суддзяў Менскага гарадскога суда, тры пракуроры і два начальнікі калоній. Па словах бацькі палітзняволенай Ірыны Халіп, Уладзіміра Халіпа, усе гэтыя асобы заслужана патрапілі ў спіс неўязных.
«Гэта ўсё людзі не цёмныя. Яны ведаюць, што такое
закон, і ведаюць, што яны пераступаюць гэты закон. Гэтыя людзі разумелі,
на што ішлі і якая за гэта будзе адказнасць. Але яны ўпэўненыя, што іх
нехта абароніць», – сказаў Уладзімір Халіп у інтэрв’ю «Радыё Свабода».
Суддзі Вольга Камароўская, Вікторыя Зайцава,
Валер Камісараў, Ігар Крот, Васіль Назаранка, Уладзімір Сцяпурка, Тамара
Унукевіч, Уладзімір Хробастаў і Сяргей Хрыпач адхілілі хадайніцтвы палітвязняў і пакінулі ў сіле вынесеныя ім прысуды. Суддзя Уладзімір Карноў адхіліў хадайніцтва абароны арыштаванага праваабаронца Алеся Бяляцкага аб змяненні яму меры стрымання. Былы палітвязень Аляксандр Класкоўскі лічыць ўключэнне гэтых людзей у спіс неўязных цалкам апраўданым:
«На самой справе не было ніякага разбору,
касацыйныя суды проста аўтаматычна зацвердзілі рашэнні судоў першай
інстанцыі і ні аднаму з фігурантаў нічога не змянілі. Аўтаматычна
разгледзелі, і даволі хутка па тэрмінах. На самой справе ніякага
незалежнага разгляду не было. Таму я лічу, што гэтае рашэнне ЕЗ цалкам
апраўданае адносна гэтых людзей. Яны выдатна ведалі, на што ідуць.
Магчыма, нават і справы не адкрывалі, не глядзелі».
Былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў ўхваляе рашэнне Еўразвяза – пашырыць спіс неўяздных беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі.
«Гэтыя людзі павінныя ведаць, што яны
зарэзервавалі за сабой самую ганебную старонку гісторыі, што яны не
застануцца без пакарання. І гэты крок дэманструе гэта і ім, і тым, хто
далей будзе рэпрэсаваць грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю.
З іншага боку, гэты крок – касметычна-гігіенічны. Па-першае, каб
прадэманстраваць пазіцыю, і, па-другое, каб перасцерагчы ЕЗ ад гэтых
людзей, бо тое, што робяць гэтыя людзі ў Беларусі, па ўсіх міжнародных
законах – злачынства. Але гэтых крокаў пакуль недастаткова, каб
вызваліць палітвязняў. Тое, што частка палітвязняў ўжо вызваленая, кажа
аб тым, што толькі жорсткія крокі і прынцыповая пазіцыя маюць сэнс, і
каб вызваліць астатніх палітвязняў, крокі павінныя быць больш жорсткімі,
прынцыповымі і больш паслядоўнымі».
Сярод 16-ці асоб, уключаных у спіс неўязных на тэрыторыю ЕЗ, – Сяргей Ярмаліцкі,
начальнік Шклоўскай калоніі, «адказны за бесчалавечнае абыходжанне з
асуджаным экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам», і Аляксандр Кавалёў,
начальнік калоніі ў Горках, «адказны за бесчалавечнае абыходжанне з
асуджанымі, асабліва – за пераслед і катаванні грамадзянскага актывіста
Зміцера Дашкевіча».
Уладзімір Халіп кажа, што здзіўляе толькі тое, што пад візавыя санкцыі трапілі ўсяго 16 асоб.
«А дзе амапаўцы, а дзе камандзіры спецназа, дзе тыя
людзі, якія дапытвалі, катавалі палітвязняў? Я думаю, што ўсё астатняе
гэтым людзям аддасць беларускі народ. У свой час. Будзем на гэта
спадзявацца», передає Хартыя’ 97.