Перейти до вмісту
7 Жовтня 2026 • Київ 14°
НБУ USD 44,95 EUR 50,64 PLN 11,60
Навіны Беларусі

Беларускія Дзяды Марозы здаліся ў пракуратуру

Беларускія Дзяды Марозы здаліся ў пракуратуру
Асацыяцыя Дзядоў Марозаў здалася ў Мінюст з чыстасардэчным прызнаннем у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

15
кастрычніка 15 беларускіх праваабаронцаў, апрануўшы касцюмы Дзядоў
Марозаў і Снягурак, прыйшлі да Генеральнай пракуратуры і перадалі
зварот.

У ім гаворыцца, што ўсе ўдзельнікі
акцыі маюць дачыненне да незарэгістраванай арганізацыі Дзядоў Марозаў.
«Цягам многіх гадоў мы ажыццяўляем наступную дзейнасць: ладзім
святкаванне Новага года ў розных населеных пунктах Беларусі,
распаўсюджваем падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступаем
на сходах, а таксама ў прэсе з віншаваннямі», — гаворыцца ў звароце да
генпракурора, перадае БелаПАН.

Паводле
ўдзельнікаў акцыі, ім стала вядома, што ў Беларусі забаронена дзейнасць
ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі і за такую дзейнасць
прадугледжана адказанасць у адпаведансці з артыкулам 193-1
Крымінальнага кодэкса. «Улічваючы гэта, мы вырашылі прызнацца ў
дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі Дзядоў Марозаў і нашай
датычнасці да яе. Просім даць прававую ацэнку нашым дзеянням», — пішуць
аўтары звароту.

Пад зваротам падпісаліся вядомыя беларускія праваабаронцы. У прыватнасці, Валер Шчукін паведаміў, што «гатовы адбываць пакаранне за тое, што з’яўляецца Дзедам Марозам». Юрыст Юры Чавусаў заявіў, што артыкул 193-1 «абсурдны» і патрэбна яго скасаванне. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч
паведаміў, што акцыя скіравана на тое, каб паказаць непрымальнасць
артыкула 193-1 у сучасным грамадстве, бо пад адказансць па гэтым
артыкуле можа трапіць любая група людзей.

Падчас акцыі невядомы ў цывільным спрабаваў затрымаць фотакарэспандэнта Уладзя Грыдзіна.

Гэты
чалавек не назваў сябе, схапіў Грыдзіна за куртку і заявіў, што
фатограф здымае «рэжымны аб’ект», якім з’яўляецца будынак Генеральнай
пракуратуры. Чалавек у цывільным праглядзеў фотаздымкі Грыдзіна і,
пераканаўшыся, што здымка будынка не было, адпусціў яго.

Нагадаем,
што паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які дзейнічае ў
Беларусі ўжо некалькі гадоў, у Беларусі да пазбаўлення і абмежавання
волі былі прысуджаныя дзесяткі актывістаў апазіцыі і праваабарончых
арганізацый.