| Уплывовыя арганізацыі накіравалі ліст беларускаму кіраўніку ў сувязі з апошнімі арыштамі праваабаронцаў. |
25 сакавіка праваабарончыя арганізацыі Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт накіравалі заяву пратэсту Аляксандру Лукашэнку з асуджэннем пераследу праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік.
«Арганізацыі
Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва),
Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі
камітэт асуджаюць арышты актывістаў праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік
як чарговы прыклад грубага парушэння беларускімі ўладамі права на
мірныя сходы і свабоду слова», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Як
паведамляе прэс-цэнтр «Вясны», у заяве адзначаецца, што беларускія
праваабаронцы былі арыштаваныя за патрабаванне адмяніць смяротнае
пакаранне ў Беларусі.
«Тры актывісты «Вясны»
былі арыштаваныя 23 сакавіка ў Менску за правядзенне мірнай акцыі
пратэсту супраць смяротнага пакарання і прывядзення ў выкананне двух
нядаўна вынесеных смяротных прысудаў. 24 сакавіка арыштаваныя былі ў
судовым парадку прызнаныя вінаватымі ў парушэнні Адміністратыўнага
кодэксу і пакараныя штрафамі», — нагадваюць складальнікі ліста.
Еўрапейскія
праваабаронцы звяртаюць увагу, што два смяротныя прысуды былі вынесеныя
на фоне перамоваў аб увядзенні мараторыю на смяротнае пакаранне, што
адбываюцца паміж уладамі Беларусі і Радай Еўропы.
«Свабода
сходаў і думкі з’яўляецца фундаментальным правам, гарантаваным
Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і
палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю 12 лістапада 1973 г. У
Артыкуле 21 Пакта сцвярджаецца: «Прызнаецца права на мірныя сходы.
Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых,
якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў
дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі,
грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або аховы
правоў і свабодаў іншых асобаў».
Нягледзячы
на тое, што свабода сходаў прадугледжваецца і беларускім
заканадаўствам, у шэрагу выпадкаў улады не далі дазволу на правядзенне
мірных масавых мерапрыемстваў. Гэтая практыка не адпавядае
патрабаванням Артыкула 21 Пакта і з’яўляецца парушэннем права на
свабоду сходаў», — заяўляюць аўтары ліста.
Еўрапейскія праваабаронцы заклікалі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.
«Заклікаем
улады Беларусі бараніць і спрыяць рэалізацыі грамадзянскіх правоў і
свабодаў, замацаваных у беларускім заканадаўстве і міжнародных дамовах,
да якіх краіна далучылася.
Заклікаем пакласці канец пераследу праваабаронцаў на ўсіх узроўнях, уключаючы судовы», — адзначылі аўтары ліста.
Копіі заявы накіраваны таксама Генеральнаму пракурору, міністру юстыцыі і старшыні Вярхоўнага суда Беларусі.