| Урад КНР прыняў рашэнне надаць Беларусі льготны крэдыт у адзін мільярд даляраў для ажыццяўлення ўзгодненых паміж бакамі праектаў. Такую заяву зрабіў намеснік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ў Мінску. |
Па словах намесніка старшыні КНР,
старшыня КНР Ху Цзіньтао асабіста
даручыў кітайскім службоўцам вывучыць
усе прапановы беларускага боку па
развіцці сумесных праектаў.
“Нам трэба развіваць патэнцыял
узаемнага гандлю і прасоўваць
супрацоўніцтва па найболей буйнамаштабных
праектах і тым самым павялічваць узровень
нашага супрацоўніцтва”, – падкрэсліў
Сі Цзіньпін.
Прадстаўнік КНР з задавальненнем
адзначыў рашэнне Аляксандра Лукашэнкі
наведаць Кітай падчас Дзён Беларусі на
выставе “Шанхай-Экспа” і падкрэсліў,
што Ху Цзіньтао гатовы ў любы зручны
для абодвух бакоў час ізноў сустрэцца
з кіраўніком беларускай дзяржавы.
“За 18 гадоў дыпламатычных адносін
паміж Беларуссю і Кітаем дынаміка
двухбаковага супрацоўніцтва дасягнула
такіх вынікаў, што можа лічыцца ўзорам
адносін паміж дзяржавамі”, – лічыць
палітык.
“У апошні час нашы адносіны ўступілі
ў зусім новую фазу. Мы бачым у Беларусі
надзейнага партнёра і вернага сябра,
развіццё кантактаў з якім заўсёды будзе
заставацца цвёрдай і няўхільнай палітыкай
кітайскага кіраўніцтва”, – падкрэсліў
Сі Цзіньпін.
Кітай мае намер падтрымаць Беларусь
на міжнароднай арэне
Сі Цзіньпін заявіў, што Кітайская
Народная Рэспубліка гатовая падтрымаць
Беларусь пры разглядзе ў Радзе па правах
чалавека ААН дакладу пра сітуацыю ў
Беларусі, дадаўшы таксама, што Пекін
разлічвае на ўзмацненне супрацоўніцтва
з Мінскам на міжнароднай арэне і больш
цесную каардынацыю замежнапалітычных
пазіцый.
“Кітай выказвае ўдзячнасць Беларусі
за цвёрдую падтрымку на міжнароднай
арэне па пытаннях Тайваня, Тыбета,
выканання правоў чалавека і процідзеянні
сектантам “Фалуньгун”, – сказаў
намеснік старшыні Кітайскай Народнай
Рэспублікі.
Па словах прадстаўніка КНР, кітайскі
ўрад і народ з разуменнем ставяцца да
права беларускай нацыі самастойна
вызначаць сваю ўнутраную і вонкавую
палітыку.
Сі Цзіньпін: Беларусь і Кітай падпішуць
кантракты на 3,4 млрд. даляраў
Па словах намстаршыні КНР, банкі і
кампаніі Беларусі і Кітая падчас візіту
намесніка старшыні КНР падпішуць
сумесныя кантракты на суму 3,4 млрд.
даляраў.
“Мы сышліся ў меркаванні, што бакі
павінны прыкладаць высілкі да развіцця
двухбаковага гандлёва-эканамічнага
супрацоўніцтва і вывесці іх на новую
прыступку”, – падкрэсліў Сі Цзіньпін.
Палітык адзначыў, што летась краіны
здолелі вытрымаць суровае выпрабаванне
сусветным фінансавым крызісам:
таваразварот Беларусі і Кітая склаў
870 млн. даляраў і скараціўся на 5,7%, што
нашмат менш у параўнанні са зніжэннем
таваразвароту з іншымі краінамі.