| Беларускі дыктатар паскардзіўся, што Злучаныя Штаты аказваюць на яго «адкрыты ціск». |
«З
цяперашняй адміністрацыяй мы ўжо пачалі асцярожную размову і гатовыя
працягнуць руку сяброўства амерыканскім партнёрам», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з кіраўніцтвам шэрагу амерыканскіх кампаній, перадае «Інтэрфакс».
Аднак,
сказаў ён, «цывілізаваны, па-сапраўднаму эфектыўны дыялог і
ўзаемадзеянне наўрад ці магчымыя ва ўмовах, калі адзін з бакоў
знаходзіцца пад адкрытым ціскам».
«Гэта
ненармальна, калі дзве цывілізаваныя дзяржавы, якія разам ваявалі
супраць фашызму, сёння знаходзяцца па розныя бакі барыкадаў і коса
глядзяць адзін на аднаго», – заявіў беларускі кіраўнік.
Ён
паскардзіўся, што апошняе дзесяцігоддзе адносіны паміж краінамі
развіваліся «вельмі нераўнамерна, часта знаходзіліся ў стане прыкрай
адчужанасці».
«Прычым, хачу падкрэсліць, не
па віне Беларусі», – сказаў Лукашэнка і адзначыў, што «тыя кропкавыя
эканамічныя санкцыі, якія ўжыла да асобных беларускіх прадпрыемстваў
адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага, да гэтага часу ствараюць
негатыўны фон для развіцця ўсяго комплексу гандлёва-эканамічных сувязяў
паміж нашымі дзяржавамі», – сказаў Лукашэнка.
Ён
адзначыў, што «не да твару глабальнаму лідэру звяртацца да адкрытага
эканамічнага шантажу такой невялікай суверэннай дзяржавы, якая яшчэ
толькі фармуецца».
Лукашэнка падкрэсліў, што
Беларусь зацікаўлена ў развіцці паўнавартасных узаемавыгадных
канструктыўных адносін з магутнай дзяржавай свету. «Але яны павінны
грунтавацца на прынцыпах неўмяшання ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы,
узаемнай павагі і даверу. Мы гатовыя пакінуць усе крыўды ў мінулым і
пачаць плённае супрацоўніцтва не толькі ў эканамічнай, але і ў іншых
сферах», – заявіў Лукашэнка.
Беларускі
кіраўнік сказаў, што ў Беларусі асаблівыя надзеі звязваюць з новай
адміністрацыяй ЗША. «Я схільны меркаваць, што ў прэзідэнта Абамы погляд
на свет больш адэкватны і дэмакратычны, не абцяжараны перажыткамі
халоднай вайны і агрэсіўнымі ідэалагічнымі падыходамі да вырашэння
міжнародных пытанняў», – заявіў Лукашэнка.
Нагадаем,
што ў Менск прыбылі кіраўнікі такіх карпарацый і кампаній, як
«Ханівел», «Майкрасофт», «АрвінМерытор», «Ю-ЭС Інтэрнэшнл Трэйдзінг
Карпарэйшн», «ЕРС-інжынірынг».
Дэвід Бэйрон,
які прадстаўляе інтарэсы юрыдычнай кампаніі «Грынберг Траурыг», на
сустрэчы з Лукашэнкам заявіў: «Мы тут не для таго, каб абмяркоўваць
палітычныя пытанні, а каб гаварыць пра эканамічныя адносіны». Пры гэтым
Бэйрон лічыць важным падчас візіту ў Беларусь прадстаўнікоў
амерыканскага бізнесу абмеркаваць з беларускімі партнёрамі пытанні,
якія тычацца забеспячэння абароны амерыканскіх інвестыцый.