| Пратэстанты заяўляюць, што ўлады праводзяць у дачыненні да іх «арганізаваную правакацыю». |
Юрыст сталічнай царквы «Новае жыццё» Рэлігійнага аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін паведаміў БелаПАН, што 8 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі спрабавалі пракрасціся ў будынак па вуліцы Кавалёва, 72.
Паводле
яго словаў, каля 13.00 да будынка пад’ехаў джып з чатырма мужчынамі ў
цывільным. Пасля таго, як аўтамабіль пакінуў тэрыторыю царквы, да
будынка пад’ехала шэрая «Волга» з надпісам на дзвярах «Хуткая
медыцынская дапамога» і жоўтыя «Жыгулі». З машын выйшлі двое ў
цывільным і сталі тэлефанаваць па тэлефоне.
Праз
20 хвілін да царквы пад’ехаў мікрааўтобус з супрацоўнікамі міліцыі.
Двое з іх вышлі з машыны, і капітан міліцыі, не прадстаўляючыся,
запатрабаваў ад вартаўніка царквы адкрыць дзверы ў будынак. Ён
растлумачыў, што па тэлефоне паступіў выклік хуткай дапамогі,
пажарнікаў і супрацоўнікаў санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. «Аднак
вартаўнік адчыняць дзверы не стаў», — сказаў юрыст. Паводле яго словаў,
да 14.00 міліцыянты пакінулі тэрыторыю царквы.
Луканін
назваў ўсё, што здарылася, «арганізаванай правакацыяй», мэта якой —
трымаць у напрузе вернікаў. Ад 24 жніўня яны вядуць у храме
бестэрміновае кругласутачнае малітоўнае дзяжурства. Вернікі «не падаюць
духам і маюць намер адстойваць свой будынак да канца».
22
жніўня сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт
прыёмкі-перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. 7
кастрычніка суддзя гаспадарчага суду Менска Ала Мірошнік
прыняла рашэнне аб высяленні царквы з будынка па Кавалёвай, 72. Па
рашэнні суда царква абавязаная зрабіць гэта найбліжэйшым часам і
заплаціць 350 тыс. рублёў судовых выдаткаў, панесеных ЖРЭУ Маскоўскага
раёна. Суддзя паведаміла, што рашэнне ўступіць у законную сілу, калі
абшчына не абскардзіць яго на працягу 15 дзён.
У
выпадку калі пастанова будзе абскарджана і апеляцыйная інстанцыя пакіне
яго без змены, суддзя выдасць загад, на падставе якога вернікі будуць
абавязаныя пакінуць будынак царквы.