| Прэстыжная ўзнагарода Міжнароднага фонду жанчынаў у СМІ у намінацыі «За мужнасць у журналістыцы» уручаная 20 кастрычніка ў Нью-Ёрку вядомай беларускай журналістцы Ірыне Халіп. |
| Беларуская журналістка уганараваная гэтай узнагародай разам з радыёрэпарцёркай з Камеруна Агнес Тае і журналісткай з Ірана Джыле Бан’ягуб. Прэмію ў намінацыі «За дасягненні на працягу ўсёй кар’еры» атрымала таксама журналістка з Ізраілю Аміра Хас.
Цырымонія |
Нью-ёркская цырымонія прайшла ў знакамітым гатэлі
Waldorf Astoria, дзе сабраліся вядомыя амерыканскія журналісты,
карэспандэнты тэлекампаніяў ABC, NBC, CNN, CBS, вядучых амерыканскіх
газетаў і агенцтваў, а таксама прадстаўнікі фінансавых колаў – усяго
700 чалавек. Цырымонію вяла адна з самых вядомых амерыканскіх
тэлевядучых Джудзі Вудраф, а Ірыну Халіп падчас узнагароджання прадстаўляў вядучы канала NBC Дэвід Грэгары, які адразу ж прызнаўся, што ў яго самога продкі родам з Беларусі.
Уручаючы
прэмію беларускай журналістцы, вядучыя цырымоніі адзначылі, што, на
жаль, сёння ў ЗША надаецца не так шмат увагі сітуацыі ў Беларусі, хоць
праблемы нашай краіны неабходна асвятляць значна больш сур’ёзна.
«Прыклад беларускіх незалежных журналістаў нас натхняе. Беларусь
павінна быць свабоднай, а для гэтага нельга абыйсціся без свабоды
слова», – сказала Джудзі Вудраф.
Ірына Халіп выступіла на цырымоніі ў Нью-Ёрку з прамовай, тэкст якой мы падаем цалкам:
Шаноўнае спадарства! Дарагія сябры!
Дзякуй вам за гэтую ганаровую ўзнагароду і за магчымасць звярнуцца да вас з гэтай сцэны ў такі важны для мяне момант.
Я
дагэтуль не магу зразумець, як гэта ўсё здарылася. Не было ваеннага
путчу, не было хунты, не было раптоўнага перавароту, за якім заўсёды
ідзе дыктатура. Была проста Беларусь – маладая краіна ў цэнтры Еўропы,
якая толькі пачала ўсведамляць сябе пасля Савецкага Саюза. Былі надзеі
на шчасце, поспех, творчасць і гонар за сваю краіну. Для мяне, якая
вырасла ў СССР, пачуццё свабоды стала шчаслівым адкрыццём. Было
велізарнае жаданне працаваць у гэтай новай свабоднай краіне.
Я
не магу ўзгадаць, калі гэта пачалося. Можа быць, у той дзень, калі маёй
газеце забаранілі друкавацца ў Беларусі, і мы вазілі тыражы з суседняй
Літвы? Ці калі маіх калегаў пачалі арыштоўваць за іх прафесійную
дзейнасць? Ці калі ў першы раз улада сфальсіфікавала вынікі выбараў? Ці
калі пасля выхаду чарговага артыкула да мяне прышлі з ператрусам? Ці
калі мае сябры, апаненты ўлады, сталі знікаць без вестак? Калі майго
бацьку міліцыя збівала на маіх вачах? Калі мяне збівалі на вачах майго
бацькі? Калі арыштоўвалі майго мужа? А можа, калі рэжым зачыніў першую
газету, у якой я працавала? Ці другую? Ці трэцюю?
Неістотна,
калі гэта пачалося. Важна іншае: Беларусь ператварылася ў глухую
дыктатуру, якая па іроніі лёсу ўтульна уладкавалася ў цэнтры Еўропы,
адкуль, здавалася б, ёсць толькі адзін шлях – у сусветную супольнасць,
у Еўрапейскі звяз, у НАТА. А ў дыктатарскіх дзяржавах журналістаў не
любяць. Іх ці знішчаюць, ці ўцягваюць у прапаганду, якая замяняе
дыктатару журналістыку.
Усе газеты, у якіх я
працавала, зачыненыя рэжымам. Расейская «Новая газета», для якой я пішу
зараз, забароненая ў Беларусі, хаця яшчэ некалькі гадоў таму на яе
можна было падпісацца. Дзесяткі маіх калегаў адседзелі ў турме –
спецыяльна для нас, журналістаў, у крымінальны кодэкс дадалі артыкулы
«паклёп у дачыненні да прэзідэнта» і «абраза прэзідэнта». Сотні маіх
калегаў пазбавіліся працы, таму што рэжым Лукашэнкі знішчыў незалежную
прэсу. Усялякая дыктатура баіцца адкрытых дэбатаў, таму што разумее,
што асуджаная на пройгрыш. І таму выкарыстоўвае самы прымітыўны спосаб
гэтых дэбатаў пазбегнуць: трэба проста зачыніць газеты і запалохаць
журналістаў. Шмат якія мае калегі пасля закрыцця газетаў сышлі
працаваць у прапаганду, не вытрымаўшы працяглай бітвы за свабоду слова.
Шмат хто эміграваў, не жадаючы марнаваць сваё жыццё на барацьбу з
дыктатурай, якая, як ім здаецца, можа стацца вечнай. Я не магу іх
асуджаць.
Мяне арыштоўвалі чатыры разы.
Супраць мяне тройчы ўзбуджалі крымінальныя справы. Тры газеты, дзе я
працавала, былі зачыненыя. Мне пагражалі шмат разоў. Але гэта ўсяго
толькі лічбы. Кароткі радок у біяграфіі. І не гэта вызначыла мой выбар.
Дакладней, у мяне наогул не было выбару. У выніку, я жыву ў краіне, дзе
свабода выбару даўно памерла разам з грамадзянскімі правамі і свабодамі.
Я
проста хачу, каб пра беззаконне, пра парушэнне правоў чалавека, пра
выкраданні і забойствы палітыкаў, пра збіццё журналістаў ведалі.
Я
не магу кінуць сваіх сяброў, якія сядзяць у турмах, сваіх сябровак, чые
мужы былі забітыя, сваіх калегаў, якіх застаецца ўсё менш.
Я хачу, каб мой двухгадовы сын, які яшчэ не разумее, што адбываецца, не баяўся за мяне, як баяцца ўсе астатнія сваякі.
Я
хачу, каб пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ведалі. Тым больш зараз,
калі на сусветную сцэну выйшла нешта не менш небяспечнае, чым
дыктатура: я маю на ўвазе «realpolitik». Новы трэнд у сусветнай
палітыцы, які знішчае ўсе доўгія гады нашай працы і нашых пакутаў,
паколькі прагматычныя палітыкі вырашаюць, што прасцей прызнаць
дыктатарскія рэжымы і супрацоўнічаць з імі, чым марнаваць сілы на
барацьбу. І тады надыходзіць момант, як зараз, калі пачвары кшталту
Лукашэнкі і Ахмадзінежада становяцца персанажамі свецкай хронікі. Іх
запрашаюць на саміты, на якіх ніхто не можа падаць ім руку, затое потым
мы можам чытаць пра іх нарысы. А пра тое, што адбываецца ў нашых
краінах, – усё менш.
Але мы, журналісты тых
краінаў, якія на сусветных картах пазначаныя чорным колерам, працягваем
пісаць і казаць пра тое, што адбываецца ў нашых дзяржавах. Калі не
застанецца і гэтай магчымасці, мы будзем крычаць вам навіны. Калі
ласка, пачуйце нас.