Перейти до вмісту
2 Листопада 2026 • Київ 7°
НБУ USD 45,35 EUR 50,68 PLN 11,51
Навіны Беларусі

Пракуратура: Ператрусы, допыты і збіццё незалежных журналістаў – законныя

Пракуратура: Ператрусы, допыты і збіццё незалежных журналістаў – законныя

У
органах пракуратуры лічаць, што збіццё журналістаў і канфіскацыя
працоўнай тэхнікі не з’яўляецца парушэннем закона.

У расследаванні справы аб паклёпе на былога
кіраўніка УКДБ Гомельскай вобласці Івана Каржа парушэнняў
заканадаўства не выяўлена, і падставаў для прыняцця мераў пракурорскага
рэагавання няма. Да такой высновы прыйшла пракуратура Гомельскай
вобласці, разгледзеўшы зварот ГА
«БАЖ»
з нагоды ператрусаў і допытаў у шэрагу журналістаў.

«Па стане на 15.04.2010 канчатковага рашэння па
гэтай крымінальнай справе не прынята», – перадае прэс-служба БАЖ змест
ліста за подпісам намесніка пракурора вобласці.

Нагадаем, што напачатку сакавіка ГА «БАЖ»
накіравала адкрыты ліст генеральнаму пракурору РБ Рыгору Васілевічу.

У лісце арганізацыя выказвала меркаванне, што
следчыя мерапрыемствы былі санкцыянаваныя пракурорам без відавочнай
прычыны, і што дэклараваныя мэты ператрусаў не адпавядаюць рэальным.

Дзеянні следчых ГА «БАЖ» расцаніла як «грубае
ўмяшанне ў свабоду журналісцкай дзейнасці». Арганізацыя заклікала
пракурора неадкладна прыняць меры па вяртанні канфіскаванай у
журналістаў маёмасці, неабходнай ім для прафесійнай дзейнасці, і прыняць
меры пракурорскага рэагавання «для аднаўлення законнасці, абароны
парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў».

Генеральная пракуратура пераадрасавала зварот «для
разгляду па сутнасці» у пракуратуру Гомельскай вобласці, пракурору Валянціну
Шаеву
– таму самаму, які санкцыянаваў правядзенне ператрусаў у
некаторых журналістаў (у прыватнасці, у Марыны Коктыш).

Адзначым, што следчыя дзеянні ў дачыненні да
журналістаў вядуцца ў межах расследавання крымінальнай справы,
узбуджанай пракуратурай Гомельскай вобласці 31.12.2009 па ч. 2 арт. 188
КК РБ па факце з’яўлення ў інтэрнэце «паклёпу» на былога начальніка УКДБ
па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

Публікацыі датычыліся так званай «паляўнічай
справы» пра выкрыццё КДБ перавышэння службовых паўнамоцтваў міліцэйскім
начальствам Гомельскай вобласці. У спрэчных публікацыях выказваліся
сваякі затрыманых міліцыянтаў, якія сцвярджалі, што «паляўнічая справа»
была сфабрыкаваная, а супрацоўнікі КДБ таксама вінаватыя ў злоўжываннях.
Цяпер праваахоўныя органы шукаюць аўтараў гэтых публікацыяў.

У канцы лютага – пачатку сакавіка ў якасці сведак
па гэтай справе міліцыя ўжо дапытвала журналістак Марыну Коктыш і
Ірыну Халіп. Акрамя таго, у М. Коктыш міліцыя правяла ператрус
на працоўным месцы, а ў Святланы Калінкінай – дома, у абедзвюх
жанчынаў забралі кампутары і іншыя носьбіты інфармацыі.

Кампутар забралі таксама ў І. Халіп і яе мужа,
лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава,
калі яны перасякалі беларуска-літоўскую мяжу 5 сакавіка.

9 сакавіка ў міліцыі дапыталі як сведку па той жа
справе каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Зміцера Бандарэнку.

Увечары 16 сакавіка прадстаўнікі праваахоўных
органаў у межах расследавання той жа справы аб паклёпе правялі ператрусы
ў офісе сайта «Хартыя-97», у прыватнай кватэры Ірыны Халіп, на
працоўным месцы Святланы Калінкінай, у прыватнай кватэры Марыны Коктыш, а
таксама ў кватэры, дзе жыве рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля
Радзіна
.

Ва ўсіх выпадках міліцыянты забіралі носьбіты
інфармацыі – кампутары, дыскі, USB-накапляльнікі, карты памяці
фотаапаратаў. Ператрусы праводзілі міліцыянты ў цывільным, некаторыя з
іх – у масках. Пранікненне ў памяшканне офіса сайта «Хартыі-97» адбылося
з ужываннем сілы, а журналістка Наталля Радзіна фізічна
пацярпела, атрымаўшы ўдар у твар.

26 сакавіка ў Савецкім РУУС Менска дапыталі ў
якасці сведак Святлану Калінкіну і Марыну Коктыш. 2 красавіка адбыўся
допыт Наталлі Радзінай, а 8 красавіка ў Маскве дапыталі па гэтай жа
справе вядомага журналіста Паўла Шарамета.