- Мінск, 27 красавіка. У Мінску 27 красавіка
пройдуць суды над актывістамі апазіцыі,
затрыманымі пасля акцыі “Чарнобыльскі
шлях — 2012”.
Як паведаміла праваабаронца Анастасія
Лойка, дакладна вядома, што ў судзе
Савецкага раёна пройдуць працэсы над
трыма актывістамі міжнароднай арганізацыі
“Малады фронт” (Чэхія) — Мікалаем
Дземідзенкам, Міхаілам Мускім і Раманам
Васільевым. Іх затрымалі пасля завяршэння
“Чарнобыльскага шляху” і абвінавачваюць
у дробным хуліганстве.
Лойка не выключыла, што колькасць
затрыманых удзельнікаў “Чарнобыльскага
шляху”, адміністрацыйныя справы якіх
будуць накіраваны ў суды, можа быць
большай, таму што, паводле звестак
праваабаронцаў, колькасць затрыманых
складае больш за 30 чалавек.
Нагадаем, традыцыйная акцыя прайшла
ў Мінску вечарам 26 красавіка. У шэсці,
удзельнікі якога прайшлі ад будынка
прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук
да плошчы Бангалор, узялі ўдзел
прыкладна 1,5 тыс. чалавек. Затым у парку
Дружбы Народаў адбыўся мітынг, у якім
удзельнічалі прыблізна 500 чалавек.
Перад пачаткам мітынгу міліцыя
канфіскавала ў арганізатараў
гукаўзмацняльную апаратуру.
На прыпынку грамадскага транспарту
былі затрыманы восем расіян, якія не
бралі ўдзел у мітынгу, бо адмовіліся
праходзіць праз турнікеты, устаноўленыя
міліцыяй на пляцоўцы для мітынгу.