Перейти до вмісту
7 Жовтня 2026 • Київ 14°
НБУ USD 44,95 EUR 50,64 PLN 11,60
Навіны Беларусі

У Шклове застрэліўся міліцыянт. Ужо дзевяты за год

У Шклове застрэліўся міліцыянт. Ужо дзевяты за год

Участковы інспектар, лейтэнант міліцыі скончыў жыццё самагубствам з пісталета Макарава.

Трагедыя
адбылася тыдзень таму. Участковы інспектар, лейтэнант міліцыі,
знаходзячыся на службе, у абед прыехаў да маці ў кватэру і там стрэлам
у галаву з пісталета Макарава застрэліўся, паведамляе «Ежедневник».

Пракуратура
Шклова ў цяперашні час праводзіць разбіральніцтва, выяўляючы, якія
прычыны прымусілі афіцэра міліцыі скончыць жыццё самагубствам.

У
2009 годзе МУС літаральна захліснула хваля самагубстваў міліцыянтаў.
Так у красавіку ў Воршы з аўтамата проста ў збраярні застрэліўся маёр
аддзела ўнутраных справаў на транспарце. Следам за ім у Менску з
табельнага пісталета застрэліўся ўчастковы. Праз месяц, у траўні,
павесіўся міліцыянт батальёна міліцыі Ленінскага аддзела аховы Берасця.
У чэрвені наклаў на сябе рукі рэчыцкі АМАПавец. У жніўні скончылі жыццё
самагубствам яшчэ два міліцыянты: у Барысаве застрэліўся супрацоўнік
патрульна-паставой службы, а ў Менску павесіўся ўчастковы інспектар.

У
верасні ў Чавускім РАУСе Магілёўскай вобласці літаральна на працягу
двух-трох тыдняў адбыліся дзве спробы суіцыду супрацоўнікаў міліцыі.
Спачатку спрабаваў застрэліцца супрацоўнік ізалятара часавага
ўтрымання. Ён суправадзіў абвінавачанага на паседжанне суду, потым
даставіў назад, выйшаў у двор РАУСа, дастаў пісталет Макарава і стрэліў
сабе ў грудзі. Куля прайшла міма сэрца, пашкодзіўшы лёгкія. Самазабойцу
атрымалася выратаваць. Праз пару тыдняў палез у пятлю міліцыянт-кіроўца
Чавускага РАУС. Як распавялі сведкі, прыйшоўшы са службы, ён сеў на
канапу, расклаў вакол фатаграфіі з сямейнага альбома, доўга глядзеў на
іх, а потым кудысьці моўчкі выйшаў. Жонка знайшла яго павешаным у пуні.

Атрымліваецца,
што з красавіка па кастрычнік, усяго за сем месяцаў, у Беларусі
адбылося 9 спробаў суіцыду вартаўнікоў правапарадку, з якіх восем
скончыліся трагічна.

Яшчэ год таму МУС з
задавальненнем адзначала, што ў параўнанні з расейскімі міліцыянтамі,
беларускія больш псіхалагічна ўстойлівыя і рэдка сканчаюць жыццё
самагубствам. Калі ў Расеі за год, суіцыд ужываюць каля 200
супрацоўнікаў МУС, дык ў Беларусі фіксавалася 2-3 выпадкі ў год.

Як
адзначала два гады таму МУС, гэтага атрымалася дасягнуць за кошт таго,
што «прафадсяванне» прэтэндэнтаў на міліцэйскую пасаду было
арганізаванае на належным узроўні. Паводле дадзеных МУС, яно складаецца
з некалькіх этапаў.

Спачатку прэтэндэнт
праходзіць гутарку ў тэрытарыяльным падраздзяленні, дзе плануецца
праходжанне далейшай службы, затым ідзе праверка фізічнай і
маральна-псіхалагічнай прыдатнасці асобы. А дэпрэсіўныя і іншыя
расстройствы, якія перашкаджаюць займацца прафесійнай дзейнасцю,
выяўляюць непасрэдна спецыялісты ваенна-медычных камісіяў. Яны ж
ацэньваюць псіхічныя, фізіялагічныя, асабістыя, паводніцкія і
інтэлектуальныя якасці чалавека. Заключнае выпрабаванне –
індывідуальная гутарка з псіхолагам, які дае вызначэнне: «не цалкам» ці
«у асноўным» адпавядае.

«На скарачэнне
самагубстваў у органах унутраных справаў шмат у чым паўплывала
стварэнне псіхалагічных падраздзяленняў, працаўнікі якіх закліканыя
адсочваць сітуацыю ў міліцэйскіх калектывах. Гэта забяспечыла
своечасовае рэагаванне на асабістыя праблемы супрацоўнікаў», —
паведамляла раней МУС. Цяпер ведамства маўчыць.

Між
тым, досвед Расеі падказвае, што каля 60% самазабойцаў-міліцыянтаў,
звярнуліся да скрайняга кроку ў стане алкагольнага ап’янення. І вось
тут, магчыма і крыецца корань праблемы беларускага МУС. Як сведчыць
міліцэйская статыстыка, толькі п’янымі за рулём у 2009 годзе
міліцыянтаў пачалі выяўляць ледзь не ў два разы часцей, чым, напрыклад,
у 2007 годзе.