Перейти до вмісту
7 Жовтня 2026 • Київ 14°
НБУ USD 44,95 EUR 50,64 PLN 11,60
Навіны Беларусі

Жана Літвіна: У Беларусі ўведзена прамая забарона на прафесію журналіста

Жана Літвіна: У Беларусі ўведзена прамая забарона на прафесію журналіста
«16 кастрычніка сілавыя структуры ажыццявілі беспрэцэдэнтнае
ўмяшанне ў дзейнасць журналістаў», – пракаментавала старшыня БАЖ
блакаванне амапаўцамі працы СМІ падчас разгону акцыі ў Менску.

«Гэта
прамое парушэнне артыкула 34 закона аб СМІ, які дае права журналістам
прысутнічаць у месцах акцыяў і дэманстрацыяў, у месцах, дзе адбываюцца
сацыяльна значныя мерапрыемствы. Гэта прамая забарона на прафесію. Я
узгадваю словы міністр унутраных справаў Беларусі Анатоля Куляшова,
які зусім нядаўна, напярэдадні 25-годдзя стварэння Упраўлення
інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю, заявіў, што для журналістаў у МУС
няма закрытых тэмаў і зачыненых дзвярэй. Цяпер трэба ад яго
запатрабаваць адказу, хто даў загад не даваць журналістам працаваць 16
кастрычніка, і хто ажыццяўляў гэты загад», — заявіла кіраўнічка
Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ў інтэрв’ю www.charter97.org.

Старшыня
БАЖ нагадала, што ў выніковым дакладзе місіі міжнародных журналісцкіх
арганізацыяў, якая нядаўна наведала Менск, казалася пра тое, што
журналісты маюць права быць у месцах дэманстрацыяў і масавых акцыяў, і
сілавыя структуры не павінны перашкаджаць іх прафесійнай дзейнасці.
Даклад быў падрыхтаваны ўжо пасля акцыяў 9 і 16 верасня, калі
супрацоўнікі АМАПа ўпершыню распачалі спробы перашкодзіць журналістам
асвятляць жорсткі разгон дэманстрацыяў.

Блакаванне
працы журналістаў Жана Літвіна назвала «ноў-хаў» сённяшніх беларускіх
сілавых структураў. «Усё гэта робіцца для таго, каб усё беззаконне,
якое адбываецца, не атрымала агалоскі. У чарговы раз адбываецца
ўтойванне факту пратэстных акцыяў і іх задушэння», — адзначыла
журналістка.

«Калі раней мы звярталіся
індывідуальна да генпракурора і міністра ўнутраных справаў, дык зараз,
думаю, будзе адкрыты зварот з патрабаваннем адказу, хто даў
супрацьзаконны загад і хто яго выконваў. Гэтыя факты атрымаюць
міжнародную ацэнку нашых партнёрскіх арганізацыяў. Упэўненая, што
пратэсты супраць умяшання ў дзейнасць беларускіх журналістаў будуць»,
— заявіла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Падчас
разгону мірнай акцыі салідарнасці ў Менску 16 кастрычніка амапаўцы ўжо
ў трэці раз за мінулы месяц перашкаджалі працы журналістаў.

Калі
падчас разгону акцыяў 9 і 16 верасня да кожнага журналіста прыстаўлялі
па 2-3 чалавекі, дык ў гэты раз прадстаўнікоў СМІ атачалі па 5
амапаўцаў, якія хапалі аб’ектывы і пашкоджвалі апаратуру.

Калі
пры разгоне ранейшых акцыяў у нас атрымалася шляхам неверагодных
высілкаў зрабіць хоць нейкія фота і відэасведчанні беззаконня, якое
абывалася, дык ў гэты раз у журналістаў не атрымалася зняць практычна
нічога.