18:35 Беларусы хочуць у Еўразвяз і новага прэзідэнта - агульнанацыянальнае апытанне | |||||||||||
У верасні незалежныя сацыёлагі з НІСЭПД правялі чарговае агульнанацыянальнае апытанне. Вось ужо шмат гадоў у іх анкетах нязменна прысутнічае пытанне: "Калі б прыйшлося выбіраць паміж аб'яднаннем з Расеяй і ўступленнем у Еўрапейскі Звяз, што б Вы абралі?" Дагэтуль перамагалі прыхільнікі інтэграцыі з РФ. Але цяперашняй восенню сітуацыя змянілася: колькасць тых, хто абраў ЕЗ (42.7%) перавысіла колькасць тых, хто абраў Расею (38.3%). На прамое пытанне: "Калі б зараз у Беларусі праводзіўся рэферэндум з пытаннем, ці ўступаць Беларусі ў Еўрапейскі Звяз, якім быў бы Ваш выбар?" "за" выказаліся 44.1%, а "супраць" – 32.8%. А на пытанне: "Калі б сёння праходзіў рэферэндум пра аб'яднанне Беларусі і Расеі, як бы Вы прагаласавалі?" "за" выказаліся 39.1%, а "супраць" – 40.6%. Уражваюць таксама дадзеныя, датычныя эканамічнага становішча беларусаў. Так, на пытанне: "Наколькі Вас задавальняюць цяперашнія ўмовы жыцця ў Беларусі?", "цалкам" ці "хутчэй не задавальняюць" адказалі амаль 45% рэспандэнтаў, 36.9% лічаць, што іх матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы "пагоршылася" (толькі 10.9% адказалі "палепшылася"), амаль 88% адзначылі, што "рост коштаў на прадукты, прамысловыя тавары, жыллё, адукацыю, медыцынскія і іншыя паслугі" адбіваецца на іх жыцці, а ў 40% гэта выклікае "трывогу і сапраўдны шок". Прычым, на думку большасці, "асноўная адказнасць за пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне" ляжыць на прадстаўніках улады - на прэзідэнце (42.7%), урадзе (40.7%), мясцовай уладзе (24.1%), а не знешніх фактарах - на Захадзе (24.7%), Расеі (7.9%) ці славутай мафіі (5.4%). Амаль 70% апытаных не вераць, што "да 2011 мы будзем жыць, як у Еўропе", наадварот, звыш за 51% лічаць "вельмі верагоднай" новую дэвальвацыю беларускага рубля, і таму свае надзеі на эканамічнае развіццё краіны звязваюць, перш за ўсё, з "прыцягненнем замежнага капіталу" (47.8%), а не з прэзідэнтам (37.8%) ці ўрадам (27.7%). Прычым, не чакаючы абяцанага "прытоку замежных інвестыцыяў", дзве траціны беларусаў за апошнія паўгады "куплялі ці прадавалі замежную валюту". У выніку – большасць апытаных заявілі, што не хочуць больш бачыць прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнку. На пытанне: "Як Вы думаеце, Лукашэнка настолькі добра спраўляўся з абавязкамі прэзідэнта, каб быць зноў абраным на гэтую пасаду, ці прыйшоў час даць шанец каму-небудзь іншаму выконваць гэтыя абавязкі?" 50.2% адказалі "даць шанец новаму чалавеку" (за пераабранне А. Лукашэнкі выказаліся 37.4%).
За матеріалами Голос UA на РФ
Також читайте:
| |||||||||||
Категорія: Навіны Беларусі | Переглядів: 1847 | Додав: holos |
Всього коментарів: 0 | |